Мінулі часы, калі ў кожнай хаце ткалі і штодзённа карысталіся рукатворнымі вырабамі. Ручнікі, напрыклад, яшчэ можна прыкмеціць ля абразоў, якія па традыцыі размяшчаюць у чырвоным куце. І гэта ледзь не адзіны спосаб іх ужывання. Але жыццё ручніка і іншых прадметаў быту нашых продкаў можна падоўжыць, чым і займаюцца ў музейным пакоі Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Майстрыхі не толькі захоўваюць старажытныя традыцыі, праводзяць майстар-класы па ткацтве, саломапляценні, але і распаўсюджваюць свае ўменні за межамі роднага краю.

— Адкрылі музейны пакой «Шчучынскія рамёствы» амаль шэсць гадоў таму, — расказвае метадыст Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Лебядзевіч.— Дагэтуль дзейнічала выставачная зала. Асноўны напрамак — захаванне рамёстваў і промыслаў, якія знаходзяцца на мяжы знікнення. Робім усё для таго, каб спрыяць іх адраджэнню, развіццю, а таксама росту цікаўнасці да культуры і народнай творчасці.
Асаблівы гонар музейнага пакоя — унікальная калекцыя прадметаў ужытку нашых продкаў, якая беражліва і з любоўю збіралася на працягу многіх гадоў. Экспазіцыя папаўняецца новымі экспанатамі: супрацоўнікі выязджаюць у розныя куточкі Шчучыншчыны для збору артэфактаў. Падчас апошняга знайшлі ручнікі, выкананыя ў тэхніцы белаўзорыстага ткацтва, якая пару гадоў таму атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Больш падрабязнасцей — на сайце https://www.sb.by/articles/chyrvonaya-ptushachka-na-fartushku.html