У ліпені Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнам Маці жанчын, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей. Гэта стала добрай традыцыяй — адзначаць нялёгкую працу шматдзетных маці. Уласны карэспандэнт «Звязды» пагаварыла з кавалерам ордэна Маці, артысткай балета Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы» Кацярынай Санюкевіч пра тое, што стаіць за высокай узнагародай.

З гераіняй сустракаемся ў горадзе. Яна віртуозна паркуе машыну, дастае каляску, саджае ў яе сур’ёзнага блакітнавокага малога. Такія простыя дзеянні, але ў іх столькі прыгажосці і грацыі! У яе пяцёра дзяцей. Віялеце ў верасні споўніцца 13 гадоў, Андрэю — 8, Цімуру — 6, Эльвіры будзе 4, Мірону — 1,5 года.
«З таго часу бяжым разам»
З мужам Ільёй маю суразмоўніцу звёў актыўны лад жыцця. Неяк Кацярына ўзяла ўнукаў суседкі на прагулку, вырашылі пакатацца на веласіпедах і адправіліся ў пракат. А яго ўладальнікам быў яе будучы муж.
— Я наогул вельмі рухавы чалавек, люблю бегаць і, калі ўбачыла ў сацсетцы, што Ілья шукае кампанію для прабежак, вырашыла далучыцца. З таго часу бяжым разам, — з усмешкай расказвае Кацярына. — Заўсёды хацела вялікую сям’ю, траіх дзяцей дакладна. Муж мае жаданні цалкам падзяляе. І мне не было страшна, бо сужэнец вельмі ўключаны ў выхаванне дзяцей. Ён шмат працуе, пры гэтым я адчуваю каласальную падтрымку і ведаю, што на яго можна разлічваць. Старэйшая дачушка ў мяне вялікая разумніца, таксама дапамагае.
Досвед уласнага дзяцінства
Кацярына лічыць, што мацярынства — вялікая праца, якая патрабуе поўнай аддачы.
— Заўсёды ўспамінаю, як сама расла, — кажа яна. — У мяне тры браты, з малодшым розніца ва ўзросце 20 гадоў. У нашай сям’і панавала любоў. Бацькі ўсюды бралі нас з сабой. Кожнае лета ездзілі ў Малдавію да бабулі і дзядулі, хадзілі ў паходы. На Каўказ ездзілі на цягніку і жылі там у палатцы, здзейснілі паход у Сочы. Мой тата — кандыдат у майстры спорту па альпінізме, у мамы ёсць разрад. Пара вяршыняў Каўказа ёсць і ў мяне з братамі. Бачыла, якой павінна быць сям’я, і, калі ўсе падтрымліваюць адно аднаго, можна пераадолець любыя цяжкасці.
Кацярына і Ілья і сваіх дзяцей з маленства прывучаюць да актыўнага ладу жыцця. Удзельнічаюць у бегавых і веласіпедных мерапрыемствах — у скарбонцы сужэнцаў веламарафон «Суседзі», мерапрыемствы «Гарадзенская вандроўка», «Начная дзясятка», «Каробчыцкі Алімп».
— Мы не планавалі менавіта пяцёра дзяцей, гэта проста жыццё, яно ідзе сваёй чаргой, — заўважае суразмоўніца. — Стараемся, каб у дачок і сыноў было цікавае дзяцінства: разам катаемся на лыжах узімку, ходзім у паходы, ездзім у вандроўкі. У побыце з мужам падзяляем абавязкі. Цяпер ён збірае і адвозіць старэйшых дзяцей у школу і дзіцячы садок, а я займаюся малымі.
«Прыдатнага» часу няма
Да бацькоўства трэба падыходзіць свядома і адказна, лічыць гераіня, але цалкам да гэтага падрыхтавацца немагчыма. Кожнае дзіця — новы досвед.
— «Прыдатнага» часу няма. Калі зацяжарыла другой дачкой, адбылася пандэмія на ковід. Усе былі ў шоку, што збіраюся нараджаць у такі час. Але іншы варыянт я не разглядала. І вось мы разам радуемся кожнаму дню! Лічу, што не трэба адкладаць сваё шчасце на потым. Калі хочацца дзіця, трэба спрабаваць. Гэта датычыцца і іншых рэчаў, на якія патрэбна рашучасць. Сіндром адкладзенага жыцця — не пра нашу сям’ю. Бывае так, што хочацца, але не можацца, аднак, калі ісці да мэты, жаданае здабудзеш.
Цяпер Санюкевічы актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Гэта вялікі клопат, але Кацярына кажа, што з дапамогай мужа ўсё атрымаецца. Яны вельмі рады, што ў іх вялікая сям’я, для росту і развіцця якой ёсць усё неабходнае.
У канцы інтэрв’ю Кацярына яшчэ раз мяне здзівіла. Калі развітваліся, дастала з машыны букет кветак. Гэта было нечакана: сапраўды, я нават крыху разгубілася. Мая суразмоўніца рассмяялася:
— Настрой у мяне сёння такі! Я за тое, каб не саромецца выяўляць свае эмоцыі.
Наша знаёмства пакінула моцнае ўражанне і напоўніла энергіяй. Кацярына паставілася да мяне як да добрага сябра і падзялілася не толькі сваёй гісторыяй, але і пазітыўнымі адносінамі да жыцця, карыснымі парадамі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва Кацярыны САНЮКЕВІЧ
Крынiца: Выдавецкі дом «Звязда»
