«Мелодыі Усходу» пад блакітнымі купаламі і зорным небам Самарканда

Літаральна крыху больш за месяц таму адгрымеў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» — адзін з самых маштабных ва ўсходняй Еўропе. І вось напрыканцы жніўня дзеячаў культуры з усяго свету прымаюць у другой частцы Еўразіі ў горадзе Самарканд. Адчуванне, быццам старажытны беларускі горад над Дзвіною перадаў фестывальную эстафетную палачку аднаму са старажытных цэнтраў гісторыі і культуры Цэнтральнай Азіі.


А дэвіз Віцебскага фестываля «Праз мастацтва да міру і ўзаемапаразумення» адгукаецца і ў далёкім Самаркандзе. Фестываль «Шарк Тароналары» — гэта ўнікальная пляцоўка культурнага дыялогу паміж рознымі нацыямі. Дзякуючы сіле музыкі, ён пашырае межы сяброўства, дапамагае пераадолець рознагалоссі, прасоўвае ідэі міру і гармоніі.

Пачынаючы з 1997 года, гэты грандыёзны музычны фэст аб’ядноўвае музыкантаў, прадстаўнікоў іншых відаў мастацтваў, навукі, рамёстваў са шматлікіх краін свету. 

Фестываль «Шарк Тароналары» праходзіць пры падтрымцы ЮНЭСКА і пад патранатам прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіеева, што яшчэ раз падкрэслівае важкасць і статуснасць мерапрыемства. Ва ўрачыстай абстаноўцы Прэзідэнт Узбекістана адкрыў XIII «Шарк Тароналары». У цырымоніі адкрыцця прыняла ўдзел і прадстаўнічая беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, якая ў гэтыя дні знаходзіцца ва Узбекістане з афіцыйным візітам.

Адзначу, усяго запрашэнні на ўдзел атрымалі больш за 100 краін свету: ад Беларусі і Польшчы да Інданезіі і Японіі. Па дадзеных міністэрства культуры Рэспублікі Узбекістан прыехала ў Самарканд больш за 300 удзельнікаў з 80 краін свету.

Увечары 26 жніўня плошча Рэгістан пераўтварылася ў маштабную музычную і танцавальную пляцоўку. Пры падрыхтоўцы незабыўнага перформанса было задзейнічана больш за 1000 спецыялістаў розных спецыяльнасцяў. 

Унікальная архітэктура вечнага горада, яркія нацыянальная касцюмы, шматграннасць усходняй музыкі і танцаў нікога не пакінулі раўнадушным. Танцавалі і спявалі не толькі прафесіяналы на сцэне, але і гледачы ў амфітэатры. 

Завяршыўся канцэрт святочным феерверкам.

XIII музычны фестываль «Шарк Тароналары» афіцыйна адкрыты. У наступныя дні гасцей і ўдзельнікаў чакае вельмі насычаная праграма. Адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя, у якой удзельнічае намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук. Чакаем майстар-класы вядомых спевакоў і гуртоў, конкурс маладых выканаўцаў, як народнай, так і сучаснай музыкі і песні. Завяршыцца фестываль гала-канцэртам, дзе будуць аб’яўлены і ўзнагароджаны пераможцы. 

Дарэчы, удзельнікі фестываля і прадстаўнікі СМІ ўжо атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Ташкента і старажытнага Самарканда, наведалі архітэктурныя жамчужыны гарадоў, пакаштавалі сапраўдны ўзбекскі плоў і не толькі. 

Магія ўсходняй культуры і асалода ад сусветна-вядомай узбекскай гасціннасці ахінае кожнага, каму ў гэтыя дні пашчасціла знаходзіцца на фестывалі «Шарк Тароналары». 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота аўтара

Источник: “Выдавецкі дом “Звязда”