Баль у Друцкіх-Любецкіх, гістарычны праменад, знаёмства з навукоўцамі і выдаўцамі… Сёння ў Шчучыне прайшла прэзентацыя кнігі “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны”

Сімвалічна, што менавіта ў адроджаным палацы князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне сёння адбылася прэзентацыя чарговай кнігі “Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны”, выпушчанай выдавецтвам “Звязда” тыражом у 500 экзэмпляраў. Пяты, заключны, том з гэтай серыі прысвечаны сядзібнай спадчыне Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў.  Выданне базуецца на шматгадовых даследаваннях вядомага беларускага краязнаўцы, доктара біялагічных навук Анатоля Федарука.

— Гэтага няўрымслівага чалавека, які абышоў і дасканала вывучыў усе сядзібы Беларусі, ведаў аб кожнай з іх унікальныя факты, на вялікі жаль, не стала ў мінулым годзе. Але яго справа жыве, — зазначыла навуковец Вольга Папко.

Добрым словам успамінаюць Анатоля Тарасавіча і ў Шчучыне. У свой час ён ахвотна адгукнуўся на запрашэнне шчучынскіх педагогаў і гімназістаў прыняць удзел у навуковай канферэнцыі з нагоды 200-годдзя Юндзіла і прывёз с сабой яшчэ тузін аднадумцаў. Аб гэтым з удзячнасцю расказала выкладчыца гісторыі Алена Лісоўская і перадала для дачкі А.Т. Федарука фотаздымак з таго мерапрыемства.

У інтэр’ерах шчучынскага палаца, дзе цяпер таленавітыя педагогі ўзрошчваюць і развіваюць юныя дараванні, валадарыла прыўзнятая атмасфера — як і належыць на Дні нараджэння яе вялікасці Кнігі. Цікавыя экспазіцыі разгарнулі раённая бібліятэка імя Цёткі, турыстычны цэнтр, Астрынская СШ імя Цёткі і інш. Дзіцячая школа мастацтваў прапанавала выставу работ юных мастакоў.

Больш падрабязнасцей — на сайце https://dzyannica.by/content/bal-u-druckih-lyubeckih-gistarychny-pramenad-znayomstva-z-navukoucami-i-vydaucami-syonnya-u