22 мая на пасяджэнні рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны была падтрымана прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь элементу нематэрыяльнай спадчыны «Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне».
Як паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, адпаведная пастанова Міністэрства культуры будзе прынята ў хуткім часе.
– Як вядома, дуда – гэта традыцыйны музычны беларускі народны інструмент, які належыць да тыпу язычковых духавых інструментаў. Дуда выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. Сёння дуда бытуе на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Паўночнай Украіны і Беларусі. На тэррыторыі нашай краіны дударская традыцыя развіваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне, – расказала Наталля Рамановіч. – А вось гістарычным арэалам распаўсюджання культуры дуды з’яўляецца менавіта тэрыторыя Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, дзе сустракаліся аўтэнтычныя віды дударскай традыцыі з XVІ-XVIІ стагоддзяў.
Увогуле, традыцыя дуды на Беларусі мае глыбокія карані. Мастацтва беларускай дуды складалася і развівалася ў русле агульнаеўрапейскай культурнай традыцыі са старажытных часоў. Але ўжо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя назіраецца заняпад дударства на тэрыторыі Беларусі. На яго змену прыходзяць скрыпка і гармонік. Цікавасць да інструмента адраджаецца толькі ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.
Так, у 90-ых гадах адраджэннем беларускай дуды на Гродзеншчыне пачынае займацца Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч, які актыўна працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар па вынаходніцтву гукавых якасцяў ў галіне народных інструментаў. А ў 2016 годзе «Творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча» аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага Мар’ян Скрамблевіч з’яўляецца лаўрэатам дзяржаўнай прэміі дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі.
Мар’ян Антонавіч выкарыстоўвае дуду як сольны інструмент, не практыкуючы ансамблевае выкананне. У яго рэпертуары – аўтарскія творы, песенныя найгрышы, полькі.
Больш падрабязнасцей — на нашым сайце