Источник: grodnonews.by

Трубач Канстанцін Сцяпанаў навучае маладых музыкантаў на працягу сарака сямі гадоў.Лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко, выкладчык вышэйшай катэгорыі Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжу трубач Канстанцін Сцяпанаў навучае маладых музыкантаў на працягу сарака сямі гадоў. Бліскучы музыкант, таленавіты педагог, віцэ-прэзідэнт Беларускай гільдыі трубачоў, член міжнароднай асацыяцыі “Мастацтва і адукацыя” падрыхтаваў плеяду лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і музыкантаў для вядомых творчых калектываў нашай краіны, унёс важкі ўклад у развіццё выканаўства на медных духавых інструментах.
Канстанцін Мікалаевіч не любіць распавядаць пра сябе. Лічыць, што за педагога павінны гаварыць дасягненні яго выхаванцаў. Напэўна, маэстра мае рацыю. Навучэнцы класа Сцяпанава пастаянна дэманструюць высокі прафесійны ўзровень падрыхтоўкі. Варта толькі паглядзець “сцяну славы” вучняў у кабінеце выкладчыка, і ўсё стане зразумела.
– Важна разгледзець і раскрыць музычны дар, – падкрэслівае педагог. – Я шукаю маладыя таленты ў музычных школах Гродзеншчыны, адразу пачынаю іх курыраваць і “вяду” ажно да заканчэння нашага каледжу.
Пэўна, гэты таленавіты педагог ведае нейкі сакрэт, інакш як растлумачыць той факт, што падчас вучобы ў Лідскім музыкальным каледжы ў класе Сцяпанава яго вучні больш трыццаці разоў станавіліся лаўрэатамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, а дванаццать былі стыпендыятамі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі! Выпускнікі Сцяпанава працуюць выкладчыкамі Беларускай акадэміі музыкі, Гродзенскага, Баранавіцкага, Мінскага музычных каледжаў.
Максім Шкулепа – дэкан аркестровага факультэта акадэміі музыкі, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета шчыруюць Аляксандр Антановіч, Максім Шкулепа, Яўген Амбражук, Сяргей Немер. Ягор Сушчэня – першы трубач Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Ахрэмка – першы трубач аркестра Tiroler Festspiele erl у Аўстрыі.
– Кожны выхаванец пакідае свой адметны след у душы, – дзеліцца Канстанцін Мікалаевіч. – І я шчаслівы, калі мае вучні мяне перарастаюць, гэта – найвышэйшая ўзнагарода для педагога.
Цяпер свае душэўныя сілы і педагагічны талент Канстанцін Мікалаевіч аддае новым зоркам каледжу, якія, бы губка, упітваюць яго майстэрства. Навучэнец класа Сцяпанава Вадзім Ладынін – уладальнік дыплома лаўрэата І ступені Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу Talents of the 21st century; дыплома лаўрэата І ступені ІІ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя В.В. Волкава; Гран-пры VI Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя Я.А. Глебава. Не менш заслуг і перамог у Аляксея Троцкага. На тым жа II Рэспубліканскім конкурсе выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах імя В.В. Волкава ён заваяваў Гран-пры.
– Абодва музыканты – таленавітыя, захопленыя, стэпендыяты Прэзідэнцкага фонду, неаднаразовыя пераможцы міжнародных музычных конкурсаў, – расказывае педагог. – Навучаюцца ў каледжы другі год, але курырую іх даўно. Вадзім – з Парэчча, Аляксей – з Радуні. Да паступлення ў каледж займаліся ў маіх жа выпускнікоў – цяпер выдатных педагогаў. Такая вось пераемнасць пакаленняў.
Прага да музыкі ў трубача Сцяпанава – ад мамы і дзядулі, які выдатна іграў на скрыпцы і трубе. З трынаццаці гадоў хлопчык стаў выхаванцам адной з воінскіх часцей горада Барысава, вучыўся граць на трубе пад кіраўніцтвам ваеннага дырыжора Зіновія Муравіна. Некалькі год ўдасканальваў сваё майстэрства ў розных аркестрах Барысава, а ў 1968 годзе паступіў у Маладзечанскае музычнае вучылішча па класу трубы.
Пасля службы ў арміі працаваў педагогам па класу трубы ў дзіцячай музычнай школе Барысава, а потым атрымаў запрашэнне на вакансію выкладчыка ў Лідскае музычнае вучылішча. З тае пары, не лічачы кароткага перапынку, нястомна рыхтуе маладых спецыялістаў. А з 1996-га па 2011 год працаваў дырэктарам гэтай установы.
Калегі Сцяпанава адзначаюць, што яго адметнасць – пастаяннае развіццё. Ён двойчы навучаўся ў міжнароднай школе музычна-педагагічнага і выканаўчага майстэрства ў Кіеве, на вышэйшых курсах педагагічнага і выканаўчага майстэрства ў творчай майстэрні заслужанага артыста Расіі прафесара Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Юрыя Бальшыянава, факультэце павышэння кваліфікацыі пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага. Неаднаразова прымаў удзел у майстар-класах вядучых майстроў сусветнай выканаўчай школы ігры на трубе.
– Наш калектыў высока цэніць працу калегі і шчыра радуецца яго поспехам, – падкрэслівае дырэктар каледжу Алена Серакова. – Маладое пакаленне педагогаў вучыцца ў яго творчаму падыходу да справы і пераймае бясцэнны вопыт у справе выхавання таленавітай моладзі.
Педагог узнагароджаны нагрудным знакам “За ўклад у развіццё Беларусі” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі Міністэрства культуры, Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Новая ўзнагарода – прэмія імя А.І. Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” – стала яшчэ адной дастойнай адзнакай плённай працы чалавека, які ўсё жыццё раскрывае таленты моладзі і дае ім дарогу ў вялікі музычны свет.
Источник: https://grodnonews.by/news/kultura/vazhna_razgledzets_i_raskryts_muzychny_talent.html