
Фестываль праходзіць у рамках акцыі «Мая сям’я – мая краіна».Сёмы штогадовы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” выйшаў за межы раённага, сёлета сабраў 68 дружных, творчых, спартыўных сем’яў з розных куткоў Беларусі.
У Год міру і стварэння ён прайшоў у межах рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна” пад дэвізам “Сем’і за мір і стварэнне!”.

Землякоў і гасцей свята павітаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– Штогадовы фестываль сямейнага адпачынку, які стаў добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне, накіраваны на ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў і традыцый, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Мы бачым, што мерапрыемства стала любімым у дзятлаўчан. Прыемна ўсведамляць, што наша брэндавае свята набывае маштаб міжрэгіянальнага.
Сям’я – гэта аснова дзяржавы, дзе з малаком маці чалавек упітвае свае патрыятычныя якасці, духоўнасць, культуру. Гэта месца, дзе мы чэрпаем натхненне, дзе заўсёды адчуваем моцны тыл і падтрымку. У нашым раёне 302 шматдзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца 974 дзіцяці – гэта трэцяя частка дзяцей раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую матулям, адзначаным ордэнам Маці, на Дзятлаўшчыне іх 49.
Дарагія сябры! Шчыра жадаю вам на нашым фестывалі творчых поспехаў, спартыўных дасягненняў, кожнаму знайсці, дзе праявіць сябе. Жадаю ўсім добра адпачыць, адчуць сябе адной дружнай сям’ёй і прывезці з Дзятлаўшчыны самыя яркія эмоцыі. Няхай у вашых сем’ях заўжды пануюць мір, утульнасць і згода.
Больш падрабязнасцей — на нашым сайце «Гродзенская праўда»