Белыя росы на Свіслацкім кірмашы, дзе песні льюцца ад душы!

Свята распачалося тэатралізаваным пралогам.
“Ёсць і яйкі, ёсць і сала, яблыкі румяныя, прадае цётка каўбасы, пальцам напіханыя. Хочаш ведаць асалоду – даставай хутчэй рублі, набывай, браточак, мёду для сябе і ўсёй сям’і! Ёсць у кожнага занятак, хтосьці нават у бубен б’е. Нехта трое парасятак у мяшку дадому прэ. Гоман тут стаіць наўкола…” – нясецца песня над гарадской плошчай. Што ж такое ладзіцца ў Свіслачы? Даслухай артыстаў – пачуеш адказ: “Ой, кірмаш, кірмаш, кірмаш, грошы вашы – тавар наш, набывай на кірмашы, што патрэбна для душы”, пiша svisgaz.by.

У шосты раз гасцінна адчыніла свае дзверы для тых, хто любіць атмасферу даўніны, рэгіянальнае свята “Свіслацкі кірмаш”. Шмат што змянілася з тых даўніх часоў, калі ўпершыню граф Тышкевіч запрасіў у Свіслач гандляроў, але і сёння, як і некалі, наш горад шчыра і з размахам прымае сяброў.

Сярод ганаровых гасцей кірмашу – старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, заслужаны майстар спорту СССР, алімпійскі чэмпіён, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Андрэй Барбашынскі, намеснік генеральнага дырэктара па сацыяльным пытанням і ідэалагічнай рабоце ААТ “Гродна Азот” Рамуальд Барсук, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.

Свята распачалося тэатралізаваным пралогам. На галоўную пляцоўку выйшла багата артыстаў. Уся дзея, што разгарнулася тут, нібы вярнула прысутных на шумны кірмаш тышкевічавай эпохі. Ішоў бойкі гандаль, дружна гралі музыкі, ліліся песні і сыпаўся вясковы гумар. Завітаў на свята і сам граф Тышкевіч з графіняй Тарэзай Панятоўскай. Яны гасцінна віталі ўсіх гасцей. 
“Сёння, – зазначыў былы гаспадар мястэчка Свіслач, – тут сабраліся гандляры з розных краін, адкрыты корчмы на любы густ, найлепшыя артысты з’ехаліся на наш Свіслацкі кірмаш”. Ну і, вядома, у гонар кірмашу быў аб’яўлены пананэз. Там было на што паглядзець. Адныя толькі ўбранні жаночыя чаго каштавалі! Прыгажосць і непаўторны пах эпохі!


Алена КЛІМОВІЧ, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:
– “Свіслацкі кірмаш” – адраджэнне традыцыі. Гэта вельмі важна. Захаванне традыцый аб’ядноўвае, з’яўляецца асновай жыцця любога народа, у дадзеным выпадку нас, беларусаў. Хочацца сказаць пра работнікаў культуры, якія ў сілу сваёй прафесійнай дзейнасці займаюцца гэтым захаваннем-аднаўленнем. У дадатак яны яшчэ і аб’ядноўваюць вакол сябе неабыякавых, зацікаўленых людзей для таго, каб разам захоўваць, развіваць і ствараць новыя традыцыі. Захоўваючы “Свіслацкі кірмаш”, традыцыю, якой ужо звыш 200 гадоў, мы разумеем, што і новыя традыцыі з’яўляюцца, таму што жыццё не стаіць на месцы. Мы ўдзячны і тым, хто стаяў ля вытокаў, і сучаснікам. Толькі ў Свіслацкім раёне ў нас ёсць музей культуры. Гэта ганарова, гэта важна, бо павага да другога чалавека пачынаецца з павагі да сябе, да сваёй гісторыі, да суседа, да сваёй мясцовасці. Гэта вельмі простыя рэчы. Але гэтыя простыя рэчы з’яўляюцца агульначалавечымі каштоўнасцямі, якія не даюць годнасці нацыі знікнуць, якія рухаюць нас наперад. Сённяшняя Свіслач – гэта ўтульнае мястэчка (скажу гэтае добрае, утульнае слова, згадаўшы Тышкевіча). Калі ёсць утульнасць (у прыгожых вуліцах, прыветлівых людзях), усе цяжкасці пераадольваюцца лягчэй. Свіслацкая зямля – яна багатая, вельмі годная і ўтульная.
Источник: Свіслацкая газета; Гродненская правда